СЛУ́ЦКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 15—18 ст. у г. Слуцк Мінскай вобл. Размяшчаліся ў абалоне р. Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.

Верхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 × 100 м, якая ўзвышалася над поймай р. Случ на 5—7 м у сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 ст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй у аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. З боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.

Ніжні (Дольны) замак размяшчаўся на ПнУ ад Верхняга замка (на месцы б. вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і інш.,гасп. пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р. Случ. У 18 ст. гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».

Новы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р. Случ на тэр. новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для зах.-еўрап. бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р. Случ патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў у сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст. Гл. таксама Слуцкія гарадскія ўмацаванні.

Літ.:

Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985;

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Калядзінскі Л. Верхні замак Слуцка // Бел. гіст. часоп. 1996. № 1.

Л.​У.​Калядзінскі, М.​А.​Ткачоў.

т. 15, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)